top of page

Книга месяца - сентябрь

Прыгоды мышкі Пік-Пік

У звычайнай гарадской кватэры, у пакоі, які належыць маленькім Веранічцы і Максімку, жыве пад шафай тоўсценькая лянівая мышка. Гаспадары гэтай кватэры, Мама і Тата Веранічкі і Максімкі,— паэты. Мусіць, таму і мышка Пік-Пік не зусім звычайная мышка, гэтак жа, як і яе сяброўка, котка Пепіта. Казкі пра прыгоды мышкі Пік-Пік — удалая спроба прыўнесці казачны свет у звычайнае гарадское жыццё, даць сучасным дзецям зразумелага і блізкага ім героя. Мышка Пік-Пік, як і многія юныя чытачы, не любіць прыбіраць у сваёй норцы і вельмі любіць салодкае, марыць выйграць у конкурсе прыгажосці, заняцца бізнесам, праславіцца на тэатральнай сцэне… Усе яе прыгоды расказваюцца дасціпна, з гумарам, цікавыя і для самых маленькіх чытачоў, і для дарослых.

 

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ, сапр.: Людміла Іванаўна ШНІП (нар. 5 ліпеня 1965, Мінск) — беларуская паэтка, пісьменніца, літаратурны крытык.

Нарадзілася ў сям'і служачых. Жыве ў Мінску. Скончыла аддзяленне архітэктуры Мінскага архітэктурна-будаўнічага тэхнікума (1984). Працавала ў канструктарскім бюро на ВА «Гарызонт». Вучылася на аддзяленні паэзіі Літаратурнага інстытута ў Маскве (1986—1987), затым перавялася на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ, які скончыла ў 1994 годзе. Працавала ў газеце «Наша слова», часопісе «Першацвет». З 1996 працавала ў аддзеле крытыкі, з 2002 — рэдактар аддзела літаратуры штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Цяпер аглядальнік аддзела культуры газеты «Советская Белоруссия». Член СП СССР з 1990, сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў.

Першы верш надрукавала ў 1983 (газета «Знамя юности»).

Аўтар зборнікаў «Крокі па старых лесвіцах» (паэзія, 1990), «Адукацыя» (паэзія, 1990), «Замак месячнага сяйва» (паэзія), «Старасвецкія міфы горада Б» (проза, 2002), кнігі казак для дзяцей «Прыгоды мышкі Пік-Пік» (2000), аўтар аповесцяў «Дзеці Гамункулуса» (2000), «Сэрца мармуровага анёла» (2001), «Пярсцёнак апошняга імператара» (2002), «Ночы на Плябанскіх Млынах» (2007), раманаў «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію» (2007), «Сутарэнні Ромула» (2010), драматычных паэм «Пасля Цэзара», «Першы запавет» і інш. Друкуецца ў рэспубліканскіх выданнях.

Складзі пазлы

bottom of page