top of page

Книга месяца - август

Прачытай казку

Сонечная паляна

 

КАЗКА

Валерый Гапееў

 

Аўтабіяграфія
     Нарадзіўся на Гомельшчыне, у пасёлку Осава ў 1963 годзе, у вясковай сям'і. Вучыўся ў Балатнянскай сярэдняй школе, потым - у Мінскім электратэхнікуме сувязі (цяпер - каледж сувязі). Працаваў майстрам у вучылішчы ў Казахстане, служыў у арміі. Пасля - работа на мінскім "Інтэграле".
    У 1992 годзе пераехаў з сям'ёй у Івацэвічы. Тут працаваў на заводзе. У гэты час стаў пісаць прозу. Першае сур'ёзнае апавяданне надрукавала "Маладосць" - "Абсалютнае жаданне". Часопіс "Крыніца" надрукаваў дэтэктыў на рускай мове "…И два в остатке". Невялікія карацелькі друкаваліся ў газетах. Стаў супрацоўнічаць з раённай газетай як пазаштатны карэспандэнт.
      У 1995 годзе быў запрошаны на працу карэспандэнтам ў новаствораную "Газету Уладзіміра Кудзінава" (цяпер - "Газета для вас"). У 1997 годзе перайшоў на працу ў раённую газету "Івацэвіцкі веснік".
    Кнігу апавяданняў для дзяцей і падлеткаў падрыхтаваў у 2001 годзе. Праз год яна выйшла ў выдавецтве "Юнацтва". Частка апавяданняў з гэтай кнігі пабачыла раней свет у часопісах "Першацвет", "Бярозка".

     Цяпер працую ў рэдакцыі раённай газеты адказным сакратаром. Жанаты, сын нарадзіўся ў 1989, а дачка - ў 1998 годзе.
       Часта пытаюцца - чаму пішу ў асноўным для падлеткаў?
     Цяжка адказаць адным сказам. Можа і таму, што не надта для іх хочуць пісаць. Крыўдна бачыць праз чвэрць стагоддзя ў бібліятэках тыя ж творы беларускай літаратуры для дзяцей і юнацтва. І ў планах на пазашкольнае чытанне - усё тыя ж аўтары. Як быццам час спыніўся. Ці літаратура спынілася. Тая ж ідэалогія, тыя ж прынцыпы і тая ж вера…
     Яшчэ цвёрда перакананы, што няма дзіцячых праблем. Ёсць праблемы ў нашых дзяцей. І яны перажываюцца імі настолькі ж балюча, як і мы перажываем свае. Гэта і хачу данесці да чытача: і юнага, і сталага.

 

 

   Гапееў, В. Сонечная паляна : казка. / Валеры Гапееў; мастак Марыя Міцкевіч. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2013. — 70 с. : іл. 

 

    Жылі-былі на адной вясёлай паляне разам з іншымі звярамі Вожык і Заяц. Добра ім жылося, ды ў адзін дзень хмары засланілі сонца і пачаў ісці дождж, доўгі, бясконцы. Хіба зачырванеюць ягады, вырастуць грыбы? Што рабіць? Па падказцы мудрага Крумкача Вожык і Заяц пайшлі ў лес шукаць іншую паляну.

     Маленькія героі перажывуць шмат прыгодаў, адшукаюць многа розных палян, быццам і сонечных… Але ўсё адно яны вернуцца на сваю родную паляну, і стане яна самай сонечнай ва ўсім свеце. Чаму вернуцца Вожык і Заяц і ад чаго сонца ззяе над іх родным домам – у гэтай казцы.

 

 

bottom of page